РЭ́ЧЫЦКІ МЕТЫ́ЗНЫ ЗАВО́Д Засн. ў 1912 у г. Рэчыца Гомельскай вобл. на базе лесапільнай вытв-сці купцамі Б. і У. Рык як дротава-цвіковы завод «Прыдняпроўскі». Выпускаў да 30 пудоў цвікоў за суткі. У 1917 з-д нацыяналізаваны. У грамадзянскую вайну часткова разбураны. Адноўлены ў 1920, з 1927 дротава-цвіковы з-д імя Інтэрнацыянала. У 1940 вырабляў 27 т цвікоў за суткі.

У 1941 гал. вузлы і агрэгаты эвакуіраваны ў г. Ніжні Ноўгарад і Барнаул. У Вял. Айч. вайну будынкі разбураны. Адноўлены ў 1943. У 1945 выпусціў 1000 т цвікоў і шрубаў. З 1959 сучасная назва. Мае 5 асн. цэхаў (сталядротавы, крапежны, спец. крапежных вырабаў, цвіковы, тавараў нар. ужытку), 3 дапаможныя (аўтацэх, падрыхтоўкі вытв-сці і інструментальны). Вытв-сць тэхнічна пераабсталявана, устаноўлены высокапрадукц. аўтаматы. Асн. прадукцыя (2001): дрот, цвікі, крапежныя вырабы (балты, гайкі, шрубы, вінты нармальнай і павышанай дакладнасці, шайбы, заклёпкі), шплінты.

А.​С.​Вашкоў.

т. 14, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)